ЗЛА́КАВЫЯ МУ́ХІ

(Chloropidae),

сямейства караткавусых круглашоўных насякомых атр. двухкрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у траве на лугах, узлесках, балотах. Большасць лічынак жыве ўнутры сцёблаў злакаў і асок, на суквеццях, утвараюць галы. На Беларусі каля 100 відаў, найб. вядомыя з родаў шведскіх мух (Oscinella), зеленавочак (Chlorops), мераміз (Meromyza).

Даўж. 1—8 мм. Цела шэрае, чорнае, зеленаватае або жоўтае з чорнымі палосамі. За год 1—5 генерацый. Лічынкі большасці З.м. расліннаедныя, могуць пашкоджваць сцёблы і насенне злакаў; ёсць сапрафагі; некат. драпежныя, жывуць у яйцавых коканах павукоў, багамолаў, у глебе на каранёвых тлях і інш. Некат. віды ў тропіках — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)